Выбары навыварат

Дэманстрацыя адзінства народу і тыраніі прызначана на сакавік

Заява, што наступныя прэзідэнцкія выбары адбудуцца ўсё ж увесну, а не ў ліпені, заспела беларускае грамадства ў сярэдзіне снежня. Варта было прайсціся па заснежаных менскіх вуліцах, каб зразумець усю “фішку” гэтага кроку ўладаў – перадсвяточны настрой, неўзабаве студэнцкая сесія і традыцыйны беларускі “рамадан” навыварат – гэта калі амаль месяц, з 25 снежня да 14 студзеня, сярэднестатыстычны беларус не расстаецца з чаркай ды скваркай. Каб высветліць, як ён будзе ставіцца да зборшчыкаў подпісаў, а таксама як збіраць тыя подпісы з каляднага бадуна, трэба зладзіць нейкі брутальны эксперымент – а там да здачы подпісаў якіх два тыдні…

Зроблена сапраўды элегантна і, здаецца, па законе. Элегантнасць, вядома, псуецца прыняццём вядомых паправак да Крымінальнага кодэксу, але ж факт застаецца фактам: адным нескладаным прыёмам уладзе ўдалося звесці драматызм прэзідэнцкіх выбараў да трагікамедыі. Дарэчы, я ўжо ў першыя два дні пасля 16 снежня пачуў ад некаторых сяброў, якім Лукашэнка вельмі не даспадобы: “І дзякуй Богу, хоць раней адмучаемся…”

Ва “ўшчамленні”, як нехта выказаўся, правоў прэзідэнта ёсць пэўны сімвалічны аспект: яшчэ адна акалічнасць беларускага жыцця шчыльна прыблізілася да савецкіх часоў. Мы зноў, як і калісьці, пойдзем галасаваць ранняй вясной. Камуністычным уладам так было зручней – не трэба было ламаць галавы, як забяспечыць яўку ўсіх адпускнікоў і дачнікаў. Дарэчы, летам, як правіла, зрываецца з месца і раз’язджаецца той электарат, які традыцыйна лічыцца апазіцыйным. Калі б у беларускіх выбарах была нейкая інтрыга, малаверагодна, што такі перанос адбыўся б. А калі перш за ўсё патрэбна яўка, то гэта зноў-такі нагадвае дэманстрацыю адзінства народу і партыі…

У прынцыпе, аднак, нечаканасцю падобны перанос выбараў стаў хіба што для некаторых фігур у перадвыбарным штабе адзінага прэтэндэнта ад апазіцыі. Чуткі аб выбарах у сакавіку распаўзаліся на працягу некалькіх месяцаў. Вядома, было моцнае падазрэнне, што гэта нейкая дэзінфармацыя, але магчымасці такога развіцця падзей ніколі нельга было скідаць з рахункаў. А можа, сапраўды не важна, гатовая апазіцыя ці не?

Усё ж такі, перанос выбараў немагчыма растлумачыць выключна выбарчай драматургіяй, памкненнем уладаў “зрабіць усё прыгожа”. Сапраўды прыгожа было б з адкрыццём падземнага цэнтра на пляцы Незалежнасці і Нацыянальнай бібліятэкі, правядзеннем саміту СНД у траўні, грандыёзнымі святамі на 9 траўня і 3 ліпеня, “Славянскім базарам” і іншым, што цяпер замест складнікаў перадвыбарнай кампаніі Лукашэнкі, відаць, стане часткамі яго працяглай інаўгурацыі…

А калі справа не ў драматургіі, то ў чым? Ці значыць гэта, што ў выбарах застаецца нейкая інтрыга, ці, прынамсі, што ўлады чагосьці баяцца? Баяцца яны сапраўды шмат чаго, і нават гэтага не хаваюць. Колькі б ні заяўлялі незалежныя аналітыкі, што рэжыму асабліва нічога не пагражае, на працягу 2005 года мы толькі і бачылі прыгатаванні на “апошні і рашучы”. І не дарма. Калі ўлада Лукашэнкі мацавалася, з боку апазіцыйнай інтэлектуальнай супольнасці ўвесь час чуліся прадказанні яе хуткага калапсу. А цяпер гэтыя галасы раптам загаварылі пра яе стабільнасць і непахіснасць. Хлусяць, значыць, нешта тут не так… Дык чаго ж баяцца?

Магчыма, уздыму папулярнасці адзінага прэтэндэнта ад апазіцыі. Беручы пад увагу той факт, што апазіцыя бадай упершыню ў сваёй гісторыі пачала рыхтавацца да кампаніі загадзя і збольшага пісьменна (робячы ўпор на паездкі ў рэгіёны, а не ў замежжа). Цяпер жа апазіцыя апынулася ў цэйтноце. Аднак, па-першае, чатыры месяцы – гэта ж тэарэтычна і дадатковы час для таго, каб стварыць з асобы Мілінкевіча сапраўднае пудзіла да электарату. Па-другое, у той час, калі ў Беларусі яшчэ існавала магчымасць атрымання непадкантрольнай дзяржавай інфармацыі аб грамадскай думцы што да выбараў, было відавочна, што пасля веснавога авітамінозу народ робіцца больш лагодным да ўлады, больш гатовым яе падтрымаць… Дык што справа, бадай, не ў рэйтынгах.

Магчыма, узніклі нейкія сумненні ў надзейнасці падтрымкі Крамля? Ды не, цяпер гэтая падтрымка гарантаваная Лукашэнку як ніколі. Расійская эліта, таксама як і Лукашэнка, знаходзіцца пад моцным уздзеяннем аранжавага сіндрому, і нікуды ён да ліпеня не сыдзе. Іншая справа, што ў кантэксце газавых войнаў Масквы з суседзямі для “беларускага лідэра” зноў склалася вельмі спрыяльная замежнапалітычная кан’юнктура. Як і ў верасні 2004 года, калі можна рабіць любыя захады, не асабліва забіваючы сабе галаву тым, як павядзе сябе Крэмль. А што да травеньскага саміту васьмёркі ў Маскве – дык некаторыя беларускія і заходнія аналітыкі перабольшваюць важнасць гэтай падзеі. Ну збяруцца, паразмаўляюць. Ну, можа, хто з гасцей Пуціна (адзін-два) і выкажацца пра Беларусь. І што? Адкажа ім Пуцін, што Беларусь – суверэнная краіна, а на парадку дня гэтага пытання няма. І пачнецца зноў абмеркаванне тэмы міжнароднага тэрарызму.

Што да Расіі, то зазначым таксама, што бліц-візіт Лукашэнкі да Пуціна напярэдадні абвяшчэння выбараў чарговы раз мусіць чамусьці навучыць як тых, хто бачыць у беларускім прэзідэнту латэнтнага Пазьняка, дый тых, хто ўсё яшчэ верыць, што Масква калі-небудзь будзе гуляць супраць яго. Лукашэнка сам расставіў усе кропкі над “і”, прадэманстраваўшы, што падтрымка Расіі яму неабходна, і тое, што нікуды яна ад яго не дзенецца…

Застаюцца прошукі заходніх экспарцёраў рэвалюцыі, аб якіх так шмат кажа афіцыёз. Тут ужо ўдар нанесены канкрэтны і адчувальны. Аднак тое, што простым пераносам выбараў можна “вырубіць” гэтую пагрозу, сведчыць, што пагроза сама па сабе таксама мінімальная. Злобныя ворагі, якія спяць і мараць аб тым, каб скінуць Лукашэнку – гэта насамрэч вялікая і непаваротлівая бюракратыя, гара, якая нараджае мыш. Вось сказалі год таму, што выбары будуць у ліпені – вось яны і працуюць на ліпень. Размовы пра залатыя горы, якія праліліся на галаву апазіцыі – не больш чым казкі. Канечне, да ліпеня штосьці магло б разгарнуцца. Але праца ў такім, скажам, бюракратычна-прымусовым рэжыме толькі пацвярджае, што разгарнулася б зусім не шмат. Вось Беларусь атрымала ад Расіі палёгку ў выглядзе старой цаны на газ, што можна вымерыць сотнямі мільёнаў долараў (калі параўноўваць з цэнамі для Украіны ці нават Закаўказзя). А Еўрасаюз яшчэ месяцамі, а то і гадамі будзе абмяркоўваць выдзяленне двух мільёнаў для незалежных медыяў (і што можна зрабіць на два мільёны)? Дык ці гэта сапраўды пагроза?

(Працягваючы тэму вонкавых пагроз, заўважым яшчэ адну акалічнасць, што прызначэнне выбараў на сакавік цалкам адсекла ад беларускіх выбараў Украіну. Канечне, аранжавых актывістаў можна было элементарна не пусціць у Беларусь альбо, упусціўшы, усіх пасля паарыштоўваць, аднак так выйшла яшчэ больш надзейна.)

Аднак, усё вышэйсказанае – гэта спроба аб’ектыўнага аналізу, памкненне разабрацца ў тым, што ёсць насамрэч. Але ёсць яшчэ рэчаіснасць, якая існуе ў галовах. Вось забілі ў галаву абывацелю, што на апазіцыю ліюцца залатыя рэкі з Захаду – і ён ставіцца да апазіцыі адпаведна, што б яму ні казалі насуперак. Падавай інфармацыю штодзень на Карла Маркса, 38 аб тым, што рыхтуецца рэвалюцыя – і там будуць весці сябе адпаведна. Ва ўмовах, калі рэальныя палітычныя пагрозы для ўлады ліквідаваныя, страх выклікае ўжо само няведанне таго, чаго цяпер баяцца. Ірацыянальным такі страх назваць цяжка. Сапраўды, яго галоўнае наступства – гэта татальная мабілізацыя ўлады на барацьбу з вонкавымі і ўнутранымі ворагамі, якая дазваляе знішчаць крамолу, вальнадумства і пагрозы, сапраўдныя ды міфічныя, у зародку.

Аднак страх мае і свой адваротны бок. Яго наяўнасць увесь час гаворыць грамадству, элітам, апазіцыі простую рэч: што ўлада чагосьці баіцца, што яна не ўпэўненая да канца, што нават пры ўсёй ейнай вонкавай стабільнасці і непахіснасці яе можа чакаць крах. Улада Лукашэнкі аб’ектыўна будзе мець канец – сістэмы, заснаваныя на бязмежнай уладзе аднаго чалавека (нават калі ён сапраўды карыстаецца падтрымкай у народу) амаль ніколі не маюць працягу, калі гэты чалавек сыходзіць. Жыццё пасля Лукашэнкі калі-небудзь і надыдзе. Вядома, не сёння і не заўтра. Але ж кожны год, кожныя выбары, нават сакавіцкія, няўхільна набліжаюць гэты дзень. Пакуль што ўлада ў стане ліквідаваць любыя пагрозы для сябе. Але пры створанай сістэме ёй, як сапёру, дастаткова памыліцца адзін раз, каб гэты дзень надышоў.

Published 1 March 2006
Original in Belarusian
First published by Arche 1-2/2006

Contributed by Arche © Vital Silitski / Arche / Eurozine

PDF/PRINT

Read in: EN / BE

Published in

Share article

Newsletter

Subscribe to know what’s worth thinking about.

Discussion